Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) затрымала немца, які гандляваў станкамі, якія пастаўляліся ў Расію ды выкарыстоўваліся для вытворчасці зброі, паведамляе ў сераду прэс-служба Агенцтва на сайце ведамства.
Акруговая пракуратура ў Гожуве-Вялікапольскім, якая кантралявала расследаванне, абвінаваціла грамадзяніна Германіі ў пасрэдніцтве і экспарце ў Расійскую Федэрацыю тавараў падвойнага прызначэння. Ён прызнаў сваю віну і падаў заяву аб добраахвотным адбыцці пакарання - паведамляе ведамства.
Праз яго фірму станкі незаконна пастаўляліся на расійскія вайсковыя прадпрыемствы па вытворчасці зброі, высветлілі афіцэры. Яго дзейнасць парушала закон «Аб знешнім гандлі таварамі, тэхналогіямі і паслугамі, якія маюць стратэгічнае значэнне для бяспекі дзяржавы, а таксама падтрымання міжнароднага міру і бяспекі», паведамляе прэс-служба ABW.
Яцэк Дабжынскі, прэс-сакратар міністра-каардынатара сакрэтных службаў і кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, паведаміў пра арышт, спасылаючыся на інфармацыю, прадстаўленую Агенцтвам унутранай бяспекі.
PAP/юл